Традыцыйнае белаўзорыстае
ткацтва Панямоння

Традыцыйнае белаўзорыстае ткацтва, якое сёння практыкуецца майстрамі Лідскага раёна, з’яўляецца адметнай з’явай ў народным тэкстылі, характэрнай для ўсяго гісторыка-этнаграфічнага рэгіёна Панямоння.

Традыцыйнае белаўзорыстае ткацтва, якое сёння практыкуецца майстрамі Лідскага раёна, з’яўляецца адметнай з’явай ў народным тэкстылі, характэрнай для ўсяго гісторыка-этнаграфічнага рэгіёна Панямоння.

Традыцыйнае белаўзорыстае ткацтва было распаўсюджана ў сялянскім побыце Панямоння на працягу ХІХ і большай часткі ХХ ст. Аб гэтым сведчыць значная колькасць белаўзорыстых ручнікоў і абрусоў у этнаграфічных калекцыях беларускіх музеяў. У дамах сяльчан Гродзеншчыны яшчэ ў апошнюю чвэрць ХХ ст. вырабы з белага ўзорыстага палатна былі ў шырокім ужытку, носьбітамі традыцыі захоўваліся веды і навыкі, але практыка ткацтва ў вясковым асяроддзі амаль спынілася. Белаўзорыстае ткацтва аб’ядноўвае розныя тэхнікі ручнога ткацтва: аднаўточнае двухнітовае з пераборам на дошку, розныя варыянты чатырохнітовага, пяцінітовае, шасцінітовае, а таксама ткацтва на васьмі і дванаццаці нітах, двухбаковы перабор, у выніку якіх ўтвараецца прыгожае белае палатно са складанай дробнаўзорыстай структурай паверхні і далікатнай фактурай, утворанай своеасаблівым перапляценнем нітак асновы і ўтку. Такое палатно выкарыстоўваецца пераважна для вырабу ручнікоў, абрусоў, сурвэткаў, вырабы з яго адрозніваюцца тонкасцю, ажурнасцю, далікатнай фактурнасцю. Высокі мастацкі ўзровень вырабаў дасягаецца ў выніку майстэрскага валодання навыкамі рамяства на ўсіх этапах працэса ткацтва: выбару пражы, снавання і запраўкі кроснаў, прымянення розных тэхнік у працэсе ткацтва, аздаблення гатовых вырабаў.

Белаўзорыстыя тканіны вырабляюцца з ільняных і баваўняных нітак белага колеру розных адценняў, у некаторых тэхніках дадаткова прымяняюцца шаўковыя ніткі і ніткі шэрага колеру. Для ткацтва выкарыстоўваюцца кросны, якія дасталіся сучасным майстрам ў спадчыну ад старэйшых носьбітаў мясцовых ткацкіх традыцый. Сярод тканых вырабаў рэгіёну, як і па ўсёй Беларусі, асаблівая ўвага надаецца ручніку. Ручнікі Панямоння вылучаюцца менавіта сваёй арыгінальнасцю палатна, вартасць якога ў высокай якасці, дасканаласці выканання, эфектнай гульні святлаценяў на дробнаўзорыстай белай паверхні. Каляровы ўзор, вытканы або вышыты, ідзе толькі па краях вырабу, або ўвогуле адсутнічае. Распаўсюджанае аздабленне ручнікоў, абрусаў і сурвэтак прыгожымі ажурнымі карункамі, звязанымі кручком. Ручнікі выкарыстоўваюцца як у праваслаўных, так і ў каталікоў у радзінна-хрысціннай, вясельнай, сітуацыйнай і каляндарнай абраднасці, для святочнага прыбірання памяшканняў, белаўзорыстыя абрусы – абавязковы элемент падрыхтоўкі абрадавага і святочнага стала.

Працэс ткацтва наладзіўся ў аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, што выклікае вялікі гонар у супрацоўнікаў, наведвальнікаў цэнтра і жыхароў горада, якія з радасцю далучаюцца да аднаўлення мясцовай культурнай спадчыны.

ЭЛЕМЕНТ (катэгорыя “Б”)
“ТРАДЫЦЫІ СВЯТА “ТРЫ КАРАЛІ НА ГРОДЗЕНШЧЫНЕ”
СА СТАТУСАМ ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНАЙ КАШТОЎНАСЦІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

Сучасным арэалам бытавання нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці “Традыцыі свята “Тры каралі” на Гродзеншчыне” з’яўляюцца населеныя пункты Лідскага раёна: аграгарадкок Ваверка, вёскі Міхнаўцы, Паперня, Мейры, Чашэйкі, Сямейкі, Серафіны, Мікуты; Воранаўскага раёна: аграгарадок Больцішкі; Іўеўскага раёна: вёска Сцігане, аграгарадок Трабы.

Традыцыя правядзення свята “Тры Каралі” на Гродзеншчыне – адметнае праяўленне лакальнай каталіцкай каляднай абраднасці. Уяўляе сабой абыход двароў з віншаваннямі гаспадароў, спевам калядных песень “Дзісяй Бэтлеем”, Сардэчна матка”, “Пуйдзь мы вшыстцы да стаенкі” трыма “Каралямі-калядоўшчыкамі”, на галаве якіх надзеты блішчастыя кароны, на плячах прыгожыя накідкі чырвонага, сіняга, зялёнага колеру з зоркамі. У руках аднаго Караля – калядная зорка. Традыцыя распаўсюджана сярод мясцовага насельніцтва і прымеркавана да хрысціянскага свята “Аб’яўленне Пана” па каталіцкім календары ці “Тры Каралі” – па народным, якое адзначаецца 6 студзеня. Тры Каралі – гэта маскіраваныя асобы – мужчыны у ролі трох валхвоў ці Каралёў – Каспара, Мельхіёра і Бальтазара, якія, паводле біблейскага сюжэта, ішлі на святло зоркі да месца, дзе нарадзіўся Ісус Хрыстос, каб прынесці яму дары ў выглядзе золата, ладана і міры.

Пачынаецца абыход вёскі ў другой палове дня, бліжэй да вечара. Тры пераапранутыя мужчыны разам з дзецьмі пачынаюць калядны абыход двароў. Тры Каралі звычайна збіраюцца каля касцёла і ідуць па ўсіх вуліцах вёскі. Заходзячы ў хату, спяваюць велічальныя песні, за што гаспадары частуюць іх у пераважнасці салодкімі прысмакамі. У 30-я гады ХХ ст Каралям-калядоўшчыкам давалі ў якасці падарункаў ялавічыну, пірагі, гарэлку, гарэхі. Кожны гаспадар чакае прыходу Каралёў як сімвалу.

Абрад калядавання з’яўляецца гістарычным феноменам культуры славянскіх народаў. У дахрысціянскія часы, праслаўляючы бога Сонца, спявалі асаблівыя песні, прысвечаныя фізічнай магутнасці і адвазе чалавека. З прыходам хрысціянства змест такіх песень трансфармаваўся і стаў адлюстроўваць праслаўленне Хрыста. Калядамі беларусы, як і іншыя славянскія народы, называюць святочны цыкл, які па каталіцкім календары працягваецца з 24 снежня па 6 студзеня (у праваслаўнай традыцыі з 6 па 19 студзеня). У ім цесна спляліся народныя і хрысціянскія рытуалы, рэлігійныя ўяўленні.

У розных рэгіёнах Беларусі калядныя рытуалы захаваліся да сённяшняга дня ў розных лакальных варыянтах. Напрыклад, у вёсцы Семежава Капыльскага раёна Мінскай вобласці традыцыйна праводзіцца абрад “Калядныя Цары”. Не менш вядомы калядны абрад “Шчадрэц” вёскі Рог Салігорскага раёна Мінскай вобласці, які праводзіцца ў ноч на багатую куццю (13 студзеня).

Сярод каталіцкага насельніцтва Гродзеншчыны 6 студзеня адбываецца свята “Тры Каралі”. Абрад “Тры Каралі” адрозніваецца ад іншых калядных святкаванняў пераапрананнем выключна ў біблейскіх персанажаў – Каспара, Мельхіёра і Бальтазара, выкананнем песень народна-рэлігійнага характару.

У 9-цi краiнах Еўропы “Тры Каралi” святкуюць як дзяржаўнае свята, у тым лiку ў пратэстанцкiх Швецыi i Фiнляндыi. Каталікі еўрапейскіх краін у гэты дзень прыносяць у касцёл Хрысту ахвяры: кадзiла як сімвал Боства Хрыста, золата як сімвал царскай улады, мiрру як сімвал чалавечай прыроды. А таксама асвячаюць крэйдай дзверы сваiх дамоў крыжыкамi i iмёнамi трох каралёў: K+M+Б (Каспер, Мельхіёр, Бальтазар) або С+M+B (па-лацінску), ставяць дату ад нараджэння Хрыста, тым самым аддаючы дом i ўсю сям’ю ўладзе i апецы Пана Бога на ўвесь будучы год.
У суседняй Польшчы свята мае як сучасныя пачынанні, так і традыцыйныя асновы, якія захоўваюцца і нават мацнеюць. Так, пасля галоўнага набажэнства жыхары польскіх гарадоў рыхтуюцца да карнавальнага шэсця з каляднымі песнямі, зоркамі, Ісусам, Марыяй, Іосіфам, анёламі і, канечне ж, трыма Каралямі. Жыхары Літвы таксама адзначаюць свята “Тры Каралі”, якое завяршае калядны перыяд (заканчэнне зімовых святаў). Па галоўных вуліцах літоўскіх гарадоў 6 студзеня праносяць трохметровыя фігуры каралёў, апранутыя ў залатыя балахоны, бліскучыя папяровыя кароны.

Традыцыя захоўвалася ў памяці многіх жыхароў вёсак Воранаўскага, Лідскага, Іўеўскага раёнаў з часоў іх дзяцінства, калі да іх прыходзілі “каралі”, а ў маладым узросце ўжо яны самі абыходзілі дамы аднасяльчан са святочнымі спевамі і віншаваннямі. Да сённяшняга дня некаторыя ўдзельнічаюць у ім, бо добра памятаюць, як “Тры Каралі” праводзілі раней.

Аднаўленню абрада з актыўным удзелам работнікаў культуры папярэднічаў шэраг экспедыцый у вышэй названых вёсках. Сведчанні носьбітаў зафіксаваны пісьмова, на відэа, аўдыё носьбіты. З 2016 года абрад “Тры Каралі”, дзякуючы грунтоўнай даследчай рабоце супрацоўнікаў дзяржаўнай установы “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”, адноўлены і трывала захоўваецца ў жывой традыцыі

Элемент “Беларускае мастацтва выцінанкі”
са статусам гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь

Выцінанка — мастацтва выразання карункаў з паперы, адзін з найстаражытнейшых відаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. На Гродзеншчыне бытавалі і іншыя назвы: выстраганка, выразанка, выразка, выбіванка. У народным побыце беларусаў мастацтва выцінанкі распаўсюдзілася ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя, і мела ўтылітарнае прызначэнне – упрыгожванне жылля. Нашы прабабулі рабілі папяровыя фіранкі, якія вешаліся на вокны, у чырвоны кут на абразы майстрыхі выбівалі ручнікі-набожнікі, замяняючы на некаторы час тканыя або вышытыя ручнікі, сурвэткі. Рабілі кветкі, зоркі, гірлянды і розныя ўпрыгожванні, у тым ліку тэматычныя да Каляд і Вялікадня. У кожнай мясцовасці такія вырабы мелі свае асаблівасці. За аснову кожнага малюнка бралі выявы з ткацтва, вышыўкі, керамікі і разьбы. Па сведках старэйшых носьбітаў народнай культуры, выцінанкай найперш упрыгожвалі рамкі абразоў і паліцу пад абразамі на покуці. У каталіцкіх сем’ях часам на вольнай атынкаванай сцяне ў цэнтры хаты клеілі папяровы крыж, вакол яго наклейвалі кветкі-вяночкі, розныя выявы звяркоў і птушак. У творчасці сучасных майстроў Гродзенскай вобласці прасочваюцца элементы традыцыйнага рамяства ў спалучэнні з асабістым мастацкім пераасэнсаваннем, з вяртаннем да вытокаў народнай культуры.

Сучасная беларуская выцінанка стала адным з распаўсюджаных відаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Яна адрозніваецца разнастайнай тэматыкай, тэхнікай выканання, дызайнерскімі рашэннямі, але заўсёды арыентуецца на народныя традыцыйныя матывы.Сёння мастацтва выцінанкі практыкуецца і папулярызуецца майстрамі аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры дзяржаўнай установы “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”.

Дар’я Шафак – майстар аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры дзяржаўнай установы “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”, якая працуе ў накірунку традыцыйнага выразання з паперы – выцінанкі больш за 20 гадоў. З’яўляецца носьбітам рамяства.

Контакты

ГУ "Лидский районный центр культуры и народного творчества"

© 2014 — 2026  ЛРЦКиНТ