Традыцыйны народны касцюм Панямоння

Беларускае народнае адзенне — цікавая галіна дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Гэта значны пласт традыцыйнай творчасці. Знаёмства з гістарычным касцюмам дазваляе не толькі паглыбіць веды такіх рамёстваў як ткацтва, вышыўка, вязанне шыдэлкам, пляценне, выраб упрыгожанняў, а таксама даведацца аб вытоках духоўнай і матэрыяльнай культуры беларусаў

Традыцыйны сялянскі касцюм Гродзеншчыны канца ХІХ – першай паловы ХХ ст. па сёнешні час застаецца прадметам вывучэння, узорам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і часткай нацыянальнай матэрыяльнай культуры. Рэгіянальныя асаблівасці Лідскага раёна глыбокага і ўсебаковага даследваюцца як адметная частка традыцыйнага народнага касцюма Панямоння.

Панямонне, гісторыка-этнаграфічны рэгіён Беларусі, які займае верхні басейн Нёмана і яго прытокаў. На поўдні мяжуе з Заходнім Палессем (па вярвоўях Нарава і Ясельды да Бярозы, на поўдзень ад Івацэвіч), на ўсходзе і паўночным усходзе адпаведна з Цэнтральнай Беларуссю і Паазер’ем (на захад ад Баранавіч да Налібоцкай пушчы, на поўдзень ад Маладзечна на Нарач, на захад ад Пастаў). Мясцовае насельніцтва этнагенетычна складалася на славянскай аснове, з удзелам асіміляваных балцкіх плямён (аўкштаўтаў, ятвягаў, прусаў), палякаў, татараў і інш.

Традыцыйнае беларускае адзенне ў мясцовым этнаграфічным матэрыяле захавалася горш, чым у інш. Рэгіёнах Беларусі.

Навагрудскі строй, традыцыйны комплекс народнага адзення на Панямонні, бытаваў ў Навагрудскім, Карэліцкім, Слонімскім і Лідскім раёнах.

Традыцыйны комплекс жаночага народнага адзення канца ХІХ – пачатку ХХ ст. Гродзенскага Панямоння быў характэрным і для ўсёй Беларусі. Яго складалі: сарочка, гарсэт, спадніца (андарак), фартух, верхняе адзенне, галаўны ўбор, упрыгожанні і абутак. Розніца была ў дэкаратыўным, канструктыўным і тэхналагічных вырашэннях.

У параўнанні з іншымі рэгіёнамі Беларусі жаночы касцюм Панямоння канца ХІХ – пачатку ХХ ст. вылучаўся:
— зграбнасцю і выцягнутасцю сілуэта за кошт прапарцыянальных суадносін частак касцюма: гарсэта, які шчыльна аблягаў стан і аб’ёмістай (сабранай на таліі і шырокай па нізе) доўгай спадніцы;
— сціплым выкарыстаннем тканага ці вышыванага дэкору ў аздабленні сарочак, а нярэдка і ўвогуле яго адсутнасцю;
— перавагай халодных колераў у андараках;
— цёмных аднатонных колераў у гарсэтах;
— наяўнасцю шматлікіх мясцовых варыянтаў афармлення чапцоў і каптуроў, аналагічных вядомым у заходнееўрапейскім касцюме;
— ужываннем хустак розных памераў;
— шырокім выкарыстаннем абутку на драўлянай падэшве са скураным верхам, характэрным для паўночна-заходняй часткі Беларусі і невядомага ў іншых рэгіёнах;
— даволі раннім і моцным уплывам гарадской культуры і прамысловых тавараў на побыт сельскага насельніцтва, што праявілася таксама ў афармленні адзення;
— падабенствам са славянскімі народамі ў кроі, назвах, спосабах вытворчасці і нашэння адзення, кантакты з суседнімі краінамі: Польшчай і Літвой.

Мужчынскі сялянскі касцюм Гродзеншчыны першай паловы ХХ ст. заставаўся больш сціплым, чым жаночы, але раней чым жаночы трапіў пад уплыў гарада і агульнаеўрапейскай моды. Аб гэтым сведчаць крой адзення, матэрыял рознай якасці і вытворчасці, тыпы галаўных убораў, абутку.

Адметнасць мужчынскаму касцюму Панямоння надавалі:
— кашулі на гестцы, якія насілі пераважна запраўленымі ў нагавіцы, а таксама доўгія да пят халатападобныя світы і сярмягі;
— разнастайнасць кароткаполай палатнянай і суконнай вопраткі;
— шырокае бытаванне скураных лапцей, якія ў шэрагу мясцовасцей з’яўляліся асноўным відам сялянскага абутку;
— абутак на драўлянай падэшве са скураным верхам, характэрны для паўночна-заходняй часткі Беларусі і невядомы ў іншых рэгіёнах.
У межах Панямоння вылучаюцца наступныя лакальныя касцюмныя комплексы:
— касцюм, пашыраны на тэрыторыі Навагрудскага, Карэліцкага, Слонімскага і Лідскага раёнаў, які дапаўняўся камізэлькай з цёмна-сіняй ці чорнай шарсцянкі і касынкай-каляшыйкай (Навагрудскі строй);
— касцюм, характэрны для тэрыторыі былога Лашынскага прыхода Гродзенскага павета, які складаўся з доўгай (да кален і даўжэй) кашулі з невялікім каўняром і прамым, глыбокім («да пупа») разрэзам на грудзях. Кашулю насілі навыпуск зверху белых палатняных ці суконных нагавіц і падпяразвалі рознакаляровым вузкім поясам. Бытаванне на частцы тэрыторыі сучасных Гродзенскага і Слонімскага раёнаў у канцы XIX — пачатку XX ст. у якасці асноўнага адзення старажытнай тунікападобнай кашулі паказала і картаграфаванне адзення.

На Панямонні ў першай палове ХХ ст. існавала нацыянальнае, саслоўнае і канфесійнае, святочна-абрадаве і полаўзроставае прызначэнне касцюма. Дамініруючымі становяцца функцыі сацыяльнага становішча і канфесійнай прыналежнасці.

Контакты

ГУ "Лидский районный центр культуры и народного творчества"

Логотип ГУ "Лидский районный центр культуры и народного творчества"

© 2014 — 2022  ЛРЦКиНТ