Белаўзорыстае ткацтва

Белаўзорыстае ткацтва – традыцыйная культурная з’ява ў народным тэкстылі, якая была пашырана на тэрыторыі Панямоння ў канцы ХІХ – пачатку ХХ ст.

На Гродзеншчыне белаўзорыстае ткацтва было распаўсюджана ў Лідскім, Воранаўскім, Шчучынскім, Гродзенскім раёнах, дзе выкарыстоўвалася пераважна для вырабу ручнікоў і абрусаў.

Ручнік – рэч глыбока сімвалічная. Ён упрыгожвае паўсядзённасць і з’яўляецца напамінкам аб сувязі чалавека з Богам, родам, продкамі.

Белаўзорыстае ткацтва аб’ядноўвае розныя тэхнікі ручнога ткацтва: аднаўточнае (з выкарыстаннем адной ці дзвюх дошак для фіксавання ўзорнага зева), варыянты ад трох да васьмі нітоў.

Методическое пособие

Характэрная адметнасць такіх вырабаў – белы колер тканіны з дробным структурным узорам, утвораным своеасаблівым перапляценнем нітак асновы і ўтку.

Для Панямоння ўласціва падоўжана-паласатае размяшчэнне структурнага дэкору, што асабліва праявілася ў ручніках. Канцы ручнікоў дадаткова аздаблялі шырокімі зубчастымі карункамі, звязанымі кручком з белых баваўняных нітак. Карункі маглі быць з геаметрычным, раслінным, арнітаморфным ці антрапаморфным арнаментам, па краі маглі абвязвацца каляровай ніткай. Белаўзорыстае ткацтва бытавала разам з іншымі варыянтамі народнага ткання.

У канцы ХІХ – пачатку ХХ ст. белаўзорыстыя тканіны вырабляліся з самапрадзеных ільняных нітак. У ХХ ст. сталі шырока выкарыстоўвацца фабрычныя баваўняныя, натуральныя і штучныя шаўковыя ніткі.

У аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры супрацоўнікі наладзілі адраджэнне рэдкіх тэхнік ручнога ткацтва і актыўна працуюць над стварэннем новых вырабаў і элементаў сучаснага дэкору. Носьбіты традыцыі разумеюць, што моладзь, выхаваная на мясцовай культуры, будзе душой прывязана да роднага краю і ўсведоміць сябе адной этнічнай супольнасцю. Важную ролю адыгрывае і выхаваўча-эстэтычная функцыя тканых рэчаў. Дзякуючы супрацоўнікам аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры элемент «Традыцыйнае белаўзорыстае ткацтва Панямоння» у 2018 г. уключаны ў дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

Мастацка-тэхналагічны патэнцыял выкарыстоўваецца пры вырабе сучаснай сувенірнай прадукцыі. Ручное ткацтва заўжды прыцягвае ўвагу турыстаў. Тканыя вырабы адпавядаюць старадаўнім традыцыям рэгіёну і з’яўляюцца лепшымі сувенірамі на памяць аб наведванні гэтых мясцін.

Для кожнай групы наведвалькаў праводзяцца экскурсіі, якія знаёмяць з мясцовымі рамёствамі, святамі і звычаямі. У межах экскурсіі прапануюцца майстар-класы па ткацтву з аповядам пра мясцовыя адметнасці ў тэхніцы ткацтва. У сувенірнай краме для знаўцаў і аматараў падрыхтавана калекцыя вырабаў.

Адроджаная рэгіянальная традыцыйная культура спрыяе павышэнню культурнага ўзроўню, самасвядомасці і патрыятызму ў наведвальнікаў.

Контакты

ГУ "Лидский районный центр культуры и народного творчества"

© 2014 — 2022  ЛРЦКиНТ